Установа культуры «Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей»

Музей адкрыты ў 1963 г. як гісторыка-рэвалюцыйны музей;

31 сакавіка 2008 г. атрымаў статус юрыдычнай асобы. Перайменаваны ў 1993 г. у Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Профіль дзейнасці — збор, апрацоўка, захаванне і дэманстрацыя гістарычнага і краязнаўчага матэрыялаў.

Асноўныя экспазіцыі музея:

  • гісторыя Бярозаўскіх зямель ад першабытнаабшчыннага ладу да пачатку XVII ст.;
  • жыццё мястэчка Бяроза-Картузская ў XVII — сярэдзіне XX стст.;
  • падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Бярозаўскага раёна;
  • народныя рамёствы і промыслы Бярозаўшчыны;
  • Бярозаўскі раён на сучасным этапе.

Найбольш значны праект музея — гэта «Літары на бярозавай кары», у якім узноўлена адна са старонак партызанскага руху на Бярозаўшчыне — вучоба дзяцей у лясных партызанскіх школах. Музей з праектам удзельнічаў у Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе і заняў I месца. Штогод музей наведваюць 12000-13000 чалавек. Агульная колькасць адзінак захоўвання на 1.01.2012 г. — 31316.

Самымі адметнымі прадметамі з 21 калекцыі з’яўляюцца наступныя:

  • скарб манет перыяду ВКЛ;
  • кавалак бурштыну вагой 518 г.;
  • Георгіеўскія крыжы і медалі «За храбрасць» перыяду Першай сусветнай вайны;
  • кульба з пераможанага рэйхстага і г. д.

Асноўнымі відамі дзейнасці музея з’яўляюцца абзорныя і тэматычныя экскурсіі, музейна-педагагічныя заняткі, адукацыйныя праграмы, персанальныя выставы мастакоў, выставы дзіцячай творчасці, распрацоўка турыстычных маршрутаў па памятных мясцінах Бярозаўшчыны і г. д. Музей мае ў сваёй структуры філіял — «Галерэю мастацтваў».