"Убачыць" карціну руками

Хтосьці можа сказаць, што ў жыхароў вялікіх гарадоў ёсць больш магчымасцей скарыстацца культурна-дасугавымі паслугамі, напрыклад, пазнаёміцца з нейкім цікавым музейным праектам, адкрыць новае імя творцы. Можна зламаць стэрэатым думкі і паспрабаваць знайсці кантакт непасрэдна з мастаком, як зрабіла гэта дырэктар Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Таццяна Леванюк. Упучатку года з прафесіянальным інтарэсам яна  наведалася да Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску і уразілась назвычайнай выставачнай экспазіцыяй сталічнага мастака, члена Беларускага саюза мастакоў Васіля Зянька.

Жаданне перанесці дзіўныя карціны ў выставачную залу галерэі мастацтваў, філіяла гарадскога музея ў Бярозе, адкрыць землякам новае імя творцы падсілкавалася яшчэ аднім важным фактам – удзелам у арт-праекце вядомага беларускага паэта Алеся Разанава, ураджэнца вёскі Сялец Бярозаўскага раёна. Дарэчы, у галерэі мастацтваў з 2019 года стала дзейнічае экспазіцыя “Вытокі літаратурнага мастацтва”, дзе адзін з 12-ці стэндаў прысвечаны творчасці таленавітага земляка, які ў сучаснай беларускай і еўрапейскай паэзіі займае асобнае месца як паэт-філосаф, творца новых слоў, вершаваных форм-версэтаў, квантэм, пункціраў. Паэт-наватар ахвотна адгукнуўся на наватарскую ідэю маладога мастака – стварэнне карцін, дзе злучаліся б жывапіс і літаратурныя тэксты, і каб іх змаглі “убачыць” людзі з дрэнным зрокам і сляпыя.

 Менавіта радкі, глыбокія думкі і вобразы твораў Алеся Разанава і класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча разгарнулі прастору для творчага пошуку і самавыяўлення мастаку Васілю Зяньку, ураджэнцу горада Стаўбцы Мінскай вобласці, выпускніку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. За апошнія гады мастак рэалізаваў каля дваццаці персанальных арт-праектаў, адзін з іх, інклюзіўны, - экспазіцыя з трынаццаці тактыльных жывапісных твораў “Паэзія кропак…”, якая стваралася напрацягу года і раней прэзентавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі, ў рамках сімпозіума “Інавацыйныя практыкі у музеіі” у 2018 годзе, як творчы праект Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. У рамках акцыі “Ноч музеяў - 2021” выстава перамясцілася ў прасторную галерэю мастацтваў горада Бярозы, дзе яе адкрылі для наведвальнікаў сам мастак і загадчык навукова-асветніцкага аддзела сталічнага музея   Юлія Мацук.

Васіль Зянько ахвотна і захапляльна расказаў аб сваёй рабоце над праектам, у якім скарыстаўся аўтарскай тэхнікай пісьма – фактурнай, рэльефнай, распрацаванай ім даўно. Розныя за коляром гарманічныя палотна падобны ў адным: у верхнім левым кутку кожнага з іх выступаюць мазкі-кропкі з тэкстамі вершаў Алеся Разанава і Максіма Багдановіча, перакладзеныя сяброўкаю мастака з Мінска Марыяй Рудко на шрыфт Брайля, з прытрымліванням міжнародных стандартаў.  Чалавек з праблемамі зроку спачатку “прачытвае” кончыкамі пальцаў разанаўскія пункціры-мініацюры, паглыбляецца ў роздумы аб паэтычным вобразе, які адлюстраваны жывапісна, і праз нейкі час “бачыць”: квітнеючую вішню, калючы асот, з якім пасябравала пчала, спелую грушу, якую смакуе аса, бялюткага матылька, што сеў на куст квяцістага фіялетавага бэзу, і сам стаў падобны пяшчотнай кветцы. Ярка ажыве знаёмая нам летняя карцінка беларускага пейзажа, што умясцілася ў лаканічным паэтычным радку: “Ускрай маладога жыта сінія васількі – сінія буквіцы ў кнізе лета”. Запомніцца карціна “Ластаўкі”, любімая самім аўтарам: на правады прыселі, адзін к аднаму, шэрыя птушкі з белымі грудкамі, як ноты музычнага стана, магчыма, перад навальніцай. Так мастак увёў у прастору шэра-блакітнага палатна наступны пункцір Алеся Разанава: “Датуль і адсюль: абселі сюітаю ластаўкі правады”.

Яшчэ для шасці сваіх карцін Васіль Зянько выбраў за літаратурную аснову ўрыўкі з вершаў Максіма Багдановіча (любімага паэта са школы): “Варона і Чыж”, “Калі паласа агнявая”, “Страцім-лебедзь”, “Па-над пухам вішняў”, “Гутарка з паненкамі”, “Дзесь у хмарах жывуць павукі”. Сярод рэльефных контураў, пераплеценых ліній, што ствараюць аб’ёмны арнамент, ажываюць паэтычныя вобразы сумнай каралеўны ў саду, сэрца якоі жадае любові, нахабнай Вароны і Чыжа-падхаліма, ахвярнага Страцім-лебедзя-моцнага, гордага птаха з трагічным лёсам, маленькай клапатлівай ластаўкі, якая для сваіх птушанят так па-майстэрску сляпіла з бруду “гняздзечка міленькае”, дзе яны пачуваюць сябе паненкамі.  Мастаку-прафесіяналу, напеўна, нескладна намаляваць птушку, кветку, але ж, каб перадаць паэтычны вобраз, алегорыю, трэба любіць і ўмець чытаць і разумець паэзію, як робіць гэта таленавіты мастак.

Госць з задавальненням пазнаёміўся з мясцовай літаратурнай экспазіцыяй, творчасцю іншых бярозаўскіх майстроў слова, зацікавіўся творамі Ніны Мацяш,  яшчэ адной вядомай у Беларусі і за яе межамі паэткі з Бярозаўшчыны, лаўрэаткі Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. А паколькі ў назве праекта “Паэзія кропак…” стаіць шматкроп’е, і мастак думае яго працягваць, ёсць шанс убачыць у ім і яе імя.

Штогод бярозаўскія музейшчыкі рыхтуюць да 18-ці выстаў, у тым ліку, выязных, і ад чатырох да шасці – аўтарскіх, персанальных. Выстава такцільных карцін, выкананых в унікальнай тэхніцы, адаптаваная для людзей з праблемамі зроку, сляпых, упершыню ладзіцца у Бярозе. Яна дае магчымасць ім адчуць сябе паўнапраўнымі наведвальнікамі, “убачыць” яркія, рознакаляровыя карціны Васіля Зянька рукамі, а зачаравацца іх прыгажосцю і гармоніяй, як і відушчым, сэрцам.

Ала Драган, супрацоўнік Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

541